Статкевіч заклікае «вызваліць сябе і краіну». Дзень вызваленьня — 3 ліпеня

Статкевіч заклікае «вызваліць сябе і краіну». Дзень вызваленьня — 3 ліпеня

Адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК) Мікола Статкевіч на ўласным канале ў YouTube выклаў відэазварот да грамадзянаў Беларусі.

У ім ён заклікае выйсьці ў дзяржаўны Дзень Незалежнасьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, каб заявіць уладзе: беларусы больш ня будуць трываць катаваньні і бязьмежжа «банды чыноўнікаў і сілавікоў».

Свабода пагутарыла з ініцыятарам акцыі наконт яе фармату і верагоднасьці ўжо «нэўтралізацыі» Статкевіча як арганізатара.

— Спадар Мікола, усе вашы апошнія спробы ўзначаліць акцыю ці шэсьце канчаліся аднолькава — прэвэнтыўным затрыманьнем. Якія гарантыі, што ўдасца дайсьці да Кастрычніцкай плошчы 3 ліпеня?

Калі думаць, што ўсе пратэставыя акцыі ў Беларусі залежаць ад аднаго чалавека, тады, мабыць, мы дастаткова сур’ёзна дэградавалі як грамадзтва. Дзякаваць Богу, гэта ня так.
— Як раней казалі, 100-працэнтную гарантыю дае толькі страхавы поліс. Безумоўна, ніякіх гарантый няма, бо я не магу даць гарантый, што са мной нешта ня здарыцца праз гадзіну. Пра што вы, у якой краіне мы жывём, якія могуць быць гарантыі ў маёй сытуацыі? Але калі думаць, што ўсе пратэставыя акцыі ў Беларусі залежаць ад аднаго чалавека, тады, мабыць, мы дастаткова сур’ёзна дэградавалі як грамадзтва. Дзякаваць Богу, гэта ня так. Я нагадваю, што 1 траўня акцыя прайшла годна, яна адбылася ў цэнтры Менску, калі я быў чарговым разам затрыманы. На шчасьце, у Беларусі яшчэ дастаткова моцных, годных і мужных людзей, здольных узяць на сябе адказнасьць.

— Значыць, вы разьлічваеце, што акцыя пратэсту адбудзецца нават у выпадку вашага затрыманьня?

— У Раду БНК уваходзіць 21 чалавек. Калі нават некалькіх захопяць, астатнія справяцца. Што, уласна кажучы, і паказалі падзеі 1 траўня. Вядома, пэўную функцыю да таго моманту, як вы даведаецеся, дайду я да плошчы ці не дайду, я выканаю. Бо прынамсі нехта павінен сказаць пра гэтую акцыю, прыцягнуць да яе ўвагу. Мы гэтым займаемся разам, Рада БНК прыняла супольнае рашэньне. Але я раблю свой унёсак, бо праблема яшчэ і ў тым, што ў нас многія людзі, якія шмат гадоў называюць сябе лідэрамі, адразу хаваюцца, як толькі рэжым крыху на іх націсьне. Нават зьвярнуцца, заклікаць людзей — іх на гэта не хапае.

— Якія фармат і лёзунгі анансаванай вамі акцыі?

Гэта пляцоўка для ўсіх, каб выказаць сваё стаўленьне да ўлады, паспрабаваць нешта зьмяніць.
— Асноўная думка ўсіх нашых акцый палягае ў двух лёзунгах: «Уладу — народу» і «Жыве Беларусь!». Гэта нашы асноўныя заклікі, найважнейшыя складнікі нашай кампаніі. Сёньня, акрамя сацыяльных праблемаў, вельмі актуальная тэма — пагроза нашай незалежнасьці ў сувязі з вайсковымі вучэньнямі. Яшчэ — вызваленьне Беларусі ад людзей, якія зьяўляюцца прыхільнікамі імпэрскіх ідэяў, бо акцыя, нагадаю, адбудзецца ў дзень вызваленьня Менску. Безумоўна, тэма вызваленьня палітвязьняў. Але кожны можа прыйсьці са сваёй бядой ці праблемай. Камусьці прыйшоў «ліст шчасьця» праз дармаедзкі дэкрэт, у пэнсіянэраў безнадзейна адсталыя ад узроўню жыцьця пэнсіі. Ці людзі, якім цяпер давядзецца думаць, што рабіць з пачаткам навучаньня ў школах а 9-й гадзіне — таму, што адзін прынц лянуецца ўставаць. Гэта пляцоўка для ўсіх, каб выказаць сваё стаўленьне да ўлады, паспрабаваць нешта зьмяніць.

— Як мяркуеце, ці пойдуць праваахоўныя органы на сілавы разгон удзельнікаў?

Пасьля ўсіх апошніх падзеяў, пасьля той інфармацыі, якую агучыў Сяргей Кунцэвіч пра катаваньні ў СІЗА КДБ, рэжым мае вельмі мала шанцаў атрымаць крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду, місія якога працуе над гэтай тэмай.
— Калі вы думаеце, што гэта такая лёгкая забаўка для ўлады — адзін раз мяне прыхапілі, другі раз прыхапілі — яны за гэта плацяць, паверце. Плацяць у літаральным сэнсе, грашыма. Думаю, што пасьля ўсіх апошніх падзеяў, пасьля той інфармацыі, якую агучыў Сяргей Кунцэвіч пра катаваньні ў СІЗА КДБ, рэжым мае вельмі мала шанцаў атрымаць крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду, місія якога працуе над гэтай тэмай. І калі будуць новыя брутальныя справакаваныя дзеяньні адносна мяне, то з марамі пра танныя крэдыты хай разьвітаюцца вельмі на доўга. Я не перабольшваю ўласную значнасьць, але ўвага да мяне прыцягнутая вялікая. Тым больш ні для кога не сакрэт, куды ідуць гэтыя крэдыты — па сутнасьці, на ўтрыманьне усёй гэтай банды так званых сілавікоў, безнадзейных чыноўнікаў, на непатрэбныя палацы. Лезуць ужо ў кішэню да будучых пакаленьняў. Я гатовы пасядзець, каб гэтага не адбылося.

— Як будзеце сябе паводзіць у першыя дні ліпеня?

— Калі я сапраўды ўбачу, што ўсё вырашаецца менавіта сёньня, я да плошчы дайду, без варыянтаў. Але цяпер, як я паглядзеў пасьля 25 Сакавіка (тады ня верыў, што пойдуць ажно на такое дзеля нэўтралізацыі), усе мае спробы заканчваюцца драматычна найперш для маіх калегаў. Два чалавекі — Сяргей Кунцэвіч і Сяргей Кулініч, якія мне дапамагалі, — апынуліся ў СІЗА КДБ. Абодва былі зьбітыя, Кунцэвіча яшчэ і катавалі электрашокерам. Вельмі дорага гэта каштуе. Таму перад тым, як рызыкаваць такой цаной, трэба быць упэўненым: гэта насамрэч таго каштуе. Але зараз бегаць ужо ня буду: хай бяруць і плацяць.

— Гэтым разам вы выступілі зь відэазваротам — даніна новым тэхналёгіям ці пошук новай аўдыторыі?

Я шукаю любыя каналы наўпроставых стасункаў зь людзьмі. Прысутнічаю ў трох сацыяльных сетках, і ня хто-небудзь, а сам, пэрсанальна сяджу і размаўляю з кожным.
— Я шукаю любыя каналы наўпроставых стасункаў зь людзьмі. Прысутнічаю ў трох сацыяльных сетках, і ня хто-небудзь, а сам, пэрсанальна сяджу і размаўляю з кожным, адказваю на абсалютна ўсе асабістыя звароты. У мяне таксама ёсьць свой сайт. Апошнім часам усё больш людзей зьвярталіся да мяне з просьбай, каб таксама быў канал у YouTube, таму што сёньня ён робіцца важным інструмэнтам уплыву. Таму гэта рэакцыя на шматлікія пажаданьні.

— Некаторыя калегі падзівіліся антуражу ў кадры, гардэробу героя...

— Вядома, не магу ня выказацца наконт рэакцыі з боку некаторых апазыцыйных СМІ — пасьмейваліся, не спадабаўся чамусьці пінжак на зялёным фоне, котку ўбачылі. Мы котку знарок пакінулі, калі з маладымі людзьмі здымалі кліп — якраз каб ажывіць карцінку, бо разьлічвалі, што зварот пабачыць вялікая колькасьць людзей. Ну, гэта іх права, хай пасьмейваюцца. Кепска іншае. Было заяўлена, што прыводзяцца «лепшыя моманты» 3-хвіліннага звароту, усё астатняе — гэта бяззубы і цалкам прымальны тэкст для ўлады. Карыстаюся нагодай і заклікаю ўсіх, хто прачытае ваш матэрыял, паглядзець зварот цалкам. Тады вы шмат што зразумееце пра мэты звароту, а таксама пра тых, хто зрабіў зь яго нейкі вылегчаны варыянт. Усё зроблена для таго, каб людзі падумалі, што цалкам усё паглядзелі і ня трэба траціць час на поўную вэрсію. А вось паглядзіце, там шмат чаго цікавага.

Мікалай Статкевіч заклікае на Кастрычніцкую плошчу 3 ліпеня а 14-й гадзіне:

«Мы выйдзем, каб абараніць маладых людзей, нашых дзяцей, якіх катуюць ні за што. Выйдзем у Дзень вызваленьня, каб вызваліць сябе, вызваліць свае душы ад здрады, халуйства, хлусьні. Вызвалім сябе — вызвалім краіну», — зазначыў палітык у сваім відэазвароце.