Вайсковая камісія БНК звярнулася ў Міністэрства абароны

Вайсковая камісія БНК звярнулася ў Міністэрства абароны

У Менску прайшло першае пасяджэнне Вайсковай камісіі Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

Пра гэта паведаміў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч.

«Былі абмеркаваныя і прынятыя прапановы камісіі для міністэрства абароны ў павышэнні маральна-псіхалагічнай гатоўнасці беларускага войска да абароны незалежнасці краіны. Гэтыя прапановы ўжо накіраваныя міністру абароны электроннай і звычайнай поштай. Грамадскасць будзе азнаёмлена з імі крыху пазней.

Вылучаючы свае прапановы, мы ставілі мэтай звярнуць увагу грамадства на мерапрыемствы, неабходныя для надзейнай абароны Беларусі ад пагроз з усіх напрамкаў. Яны відавочныя, але кіруючы рэжым ужо больш за 20 гадоў ігнаруе гэтую відавочнасць, чым ставіць пад пагрозу існаванне нашай дзяржавы, мір і спакой беларускага народа.

Рэакцыя рэжыму (міністэрства абароны тут толькі прамежкавая інстанцыя) на прапановы Вайсковай камісіі будзе сведчыць, ці гатовыя людзі, службовым абавязкам якіх з'яўляецца абарона незалежнасці краіны ад усіх мажлівых пагроз, нарэшце заняцца сумленным выкананнем свайго абавязку. Ці яны і надалей збіраюцца хаваць галаву ў пясок і рабіць выгляд, што праблемы гатоўнасці войска супрацьстаяць магчымай пагрозе з усходу не існуе.

Калі рэакцыя на нашы прапановы засведчыць аб негатоўнасці кіраўніка рэжыму прымаць рэальныя і аператыўныя меры, каб выправіць становішча ў войску, то патрыятычная частка грамадства будзе вымушана шукаць шляхі для павышэння здольнасці беларускага народа абараняць сваю дзяржаўнасць», - напісаў Статкевіч.